Наша Ніва - 2004 - 40
СЬВЕТ
Кабзон супраць Скрыпкі
***
Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне падзялілі музычную супольнасьць на дзьве часткі.
Забаўляльныя мерапрыемствы з удзелам зорак шоў-бізнэсу — традыцыйны атрыбут любой выбарчай кампаніі. Калі ў Беларусі дазваляюць канцэрты толькі «за Беларусь», то ва Ўкраіне музыканты, няхай і зь перашкодамі, могуць засьведчыць сваю грамадзянскую пазыцыю. Зь верасьня па ўсёй краіне распачаліся шырокамаштабныя туры ў падтрымку як Януковіча (пад лёзунгам «Моладзь — супраць, моладзь — за», «Веру Януковічу»), так і Юшчанкі («Песьні свабоды», «Разам пераможам»), якія звычайна праходзяць на цэнтральных плошчах і ў вялізных спарткомплексах ды зьбіраюць да 100 тысяч гледачоў.
Януковіч зрабіў стаўку на папулярных артыстаў з Расеі. Своеасаблівым музычным кіраўніком перадвыбарнай кампаніі прэм’ер-міністра выступіў Іосіф Кабзон. Ён заявіў, што грошай у яго багата і канцэрты «за Януковіча» ён дае па сваіх ідэйных перакананьнях. Акрамя яго, Украіну пад гэтым слоганам аб’езьдзілі сталыя ўдзельнікі «Славянскага базару» — Лаліта, Надзея Бабкіна, Наташа Каралёва, Клара Новікава, Валеры Меладзэ. З расейскіх рок-гуртоў у агітацыі за Януковіча быў заўважаны «Сплін».
Украінскія мэгазоркі Верка Сярдзючка і Руслана ў агітацыйных турах заўважаны не былі, аднак на адным са сваіх сольных канцэртаў пераможца «Эўрабачаньня-2004» сьпела разам зь Януковічам савецкі шлягер «Калі вясна прыйдзе, ня ведаю», пасьля чаго ўзьнялася вялікая хваля абурэньня, асабліва ў Львове, адкуль Руслана родам. Так што сьпявачцы прыйшлося склікаць экстраную прэс-канфэрэнцыю, дзе яна заявіла, што знаходзіцца па-за палітыкай, у нічыіх агітмерапрыемствах удзелу браць ня будзе і нават пагразіла судом абодвум кандыдатам, калі тыя скарыстаюць ейнае імя ў сваіх кампаніях.
Януковіча таксама падтрымалі прадстаўнікі эстраднай тусоўкі, якія, паводле выразу Алега Скрыпкі, «і за Кучму гралі, і за чортаву маму будуць граць». Гэта Ані Лорак, Натальля Магілёўская, Віктар Паўлік. Сярод больш-менш вядомых за межамі краіны — Ірына Білык, група «Грын Грэй» ды «Скрабін». Выступ на акцыях «за Януковіча» апошніх выклікаў абурэньне ва ўкраінскіх музычных прыхільнікаў. Мяркуючы па паведамленьнях на ўкраінскіх інтэрнэт-форумах, лідэр групы Кузьма (той самы, які прасьпяваў з Вольскім песьню «Суседзі») пазбавіўся часткі сваіх прыхільнікаў: «Зарабляньне грошай на такіх акцыях — гэта продаж нашай дзяржавы…» — абураецца сталы прыхільнік «Скрабіна». Цікава, што ў гасьцёўні на афіцыйным сайце групы падобныя паведамленьні адразу ж выдаляюцца.
Аднак большасць калег Кузьмы па ро-сцэне занялі супрацьлеглую пазыцыю. Большасць "геэралаў украінскага року" выступаюць за Юшчанку - "Воплі Відапласава" (улюбёны гурт кандыдата ў прэзыдэнты), "Акіян Эльзы", "Плач Ераміі", "Мёртвы певень", "Мандры", "Танок на майдане Конга", "Тартак". Іх агульная рыса - усе яны спяваюць па-украінску.
Улады выкарыстоваюць знаёмыя захады, каб нашкодзіць гэтым музыкам. Уведзеная негалосная забарона на трансьляцыю іх песень на ТБ, на канцэрте "ВВ" у Кіеве нечакана адрубілі сьвятло - Скрыпка пажадаў тым, хто гэта зрабіў, "вечнага энурэзу" і прадоўжыў выступ у цемры. За тое, што падчас выступу "ВВ" у Луганску невядомыя павесілі на сцэне расьцяжку "Любім "Воплі Відаплясава"! Верым Януковічу!", Скрыпка падаў на прэм'ера ў суд.
Цікавая акалічнасць: калі музыкі, што выступаюць у падтрымку кандыдыта ад улады, адкрыта не заклікаюць абраць менавіта яго, то "юшчанкаўцы" падтрымліваюць дэмакратычнага кандыдата не толькі музыкай, але і сваімі прамовамі. Лідэр "ВВ" Алег Скрыпка нават стаўся даверанай асобай Юшчанкі. Тарас Чубай, лідэр "Плачу Ераміі", заявіў, што канцэрты "за Юшчанку" яны граюць бесплатна. Запрошаныя ж поп-сьпевакі, як гэта часта бывае, не валодаюць сытуацыяй. Тэмай для флэш-анімацыі сталася гісторыя, што здарылася на адной з акцый "веру Януковічу" са сьпеваком Бедросам Кіркоравым. Пасьля свайго выступу той заклікаў галасаваць усіх прысутных... за Юшчанку! Потым ізноў выйшаў на сцэну, прынёс прабачэнні за прыкрую памылку, сказаў, што наш кандыдат - Януковіч і краіна будзе квітнець, калі прэзыдэнтам стане... Юшчанка!
http://www.nn.by/